ТУ́РАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

раннефеадальная дзяржава з цэнтрам у г. Тураў. Называлася таксама Тураўская зямля, Тураўская воласць, Тураўская вобласць. Займала тэр. ад Дняпра на У да Зах. Буга на З, ад Прыпяцкага Правабярэжжа на Пд да вытокаў Лані і Случы на Пн (тэр. сучаснай Брэсцкай, часткова Гомельскай, Мінскай, Гродзенскай абл., паўн. раёнаў Украіны і ўсх. паветаў Польшчы). Утварылася ў канцы 10 ст. на тэр. рассялення ўсх.-слав. племя дрыгавічоў. Т.к. стала спадкаемцам племяннога княжання дрыгавічоў, што мела свайго племяннога князя (апошні — напаўлегендарны кн. Тур). Пасля распаду першабытнаабшчыннага і ўзнікнення феад. ладу мела больш высокую форму сац.-паліт. арганізацыі грамадства.

Першы гістарычна вядомы князь Т.к. — Святаполк Уладзіміравіч, сын кіеўскага вял. кн. Уладзіміра Святаславіча, пасаджаны на тураўскі прастол у 988. Т.к. было адным з найважнейшых у сістэме княстваў Кіеўскай Русі. Пра гэта сведчыць вылучэнне яго трэцім па старшынстве сынам вял. князёў пры падзеле Кіеўскай Русі: Святаполку ў 988 Уладзімірам Святаславічам, Ізяславу ў 1052 Яраславам Уладзіміравічам, Вячаславу ў 1125 Уладзімірам Усеваладавічам Манамахам. З тураўскага на кіеўскі велікакняжацкі прастол перайшлі Святаполк Уладзіміравіч (1015), Ізяслаў Яраславіч (1054), Святаполк Ізяславіч (1093), Вячаслаў Уладзіміравіч (1139).

У паліт. гісторыі Т.к. вылучаюцца 4 перыяды. 1-ы перыяд (988—1015) — вылучэнне Т.к. са складу Кіеўскага вял. княства і палітыка Святаполка па адасабленні ад Кіева. 2-і перыяд (1019—1113) — час знаходжання Т.к. пад уладай вял. кіеўскага кн. Яраслава Мудрага, яго сына Ізяслава Яраславіча (з 1052) і сыноў апошняга — Яраполка і Святаполка. 3-і перыяд (1113—58) — захоп Т.к. Уладзімірам Манамахам і захаванне княства за яго нашчадкамі. 4-ы перыяд (1158 — пач. 14 ст.) — час існавання адноўленага самастойнага Т.к. У 1158 кн. Юрый Яраславіч заняў Тураў насуперак волі кіеўскага вял. князя і адстаяў яго ў цяжкай 10-тыднёвай аблозе. У 1162 быў заключаны мір, што азначала юрыд. аднаўленне самастойнага Т.к. Пасля княжання Юрыя Яраславіча Т.к. падзелена паміж яго сынамі на ўдзелы. Туравам валодалі Святаполк, Іван, Глеб; Пінскім княствам — Яраслаў, Яраполк; Дубровіцкім — Глеб. Раней вылучылася Клецкае княства (у 1127 вядомы клецкі кн. Вячаслаў Яраславіч). У 2-й пал. 12 ст. адасобілася Слуцкае княства, пазней — Сцепанскае (1292). У 2-й пал. 12 ст. зах. частка Т.к. з г. Бярэсце і Драгічын (Берасцейская зямля) увайшла ў склад Уладзіміра-Валынскага княства.

Тураўскія князі актыўна ўдзельнічалі ў паліт. жыцці Кіеўскай Русі, у барацьбе за кіеўскі прастол сваіх родзічаў і інш. прэтэндэнтаў, у змаганні супраць полаўцаў. На тэр. Т.к. паслядоўна адбываўся працэс гасп.-эканам. і культ. развіцця. Узніклі гарады Тураў (вядомы з 980), Бярэсце (1019), Пінск (1097), Чартарыйск (1100), Слуцк (1116), Клецк (1127), Рагачоў (1142), Драгічын (1142), Мазыр (1155), Небль (1262), Капыль (1274), Сцепань (1292), Давыд-Гарадок, Дубровіца (12 ст.). У канцы 10 — пач. 11 ст. заснавана Тураўская праваслаўная епархія. Тураўскае евангелле 11 ст. — найстаражытнейшы помнік кніжнай культуры Беларусі. У Тураве жыў і дзейнічаў Кірыла Тураўскі.

У пач. 14 ст. Т.к. ўвайшло ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. ўласнасць вял. кн. Свідрыгайлы. З 16 ст. магнацкая латыфундыя, якая належала М.​Л.​Глінскаму, Астрожскім, Сапегам і інш.

Літ.:

Довнар-Запольски й М.В. Очерк истории кривичской и дреговичской земель до конца XII столетия. Киев, 1891;

Грушевский А.С. Пинское Полесье: Ист. очерки. Ч. 1—2. Киев, 1901—03;

Лысенко П.Ф. Туровская земля IX—XIII вв. 2 изд. Мн., 2001.

П.​Ф.​Лысенка.

т. 16, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)